Каток - залаты лабок
Жыў дзед з бабай. Былі яны вельмі бедныя: ні насіць няма чаго, ні варыць.
Вось баба і кажа дзеду:
— Вазьмі, дзеду, тапарок, паедзь у лясок, ссячы дубок, завязі на рынак, прадай і купі гарчык мукі. Спячом хлеб.
Сабраўся дзед, паехаў у лясок, пачаў секчы дубок. Выскачыў з дуба каток — залаты лабок, залатое вушка, срэбранае вушка, залатая шарсцінка, срэбраная шарсцінка, залатая лапка, срэбраная лапка.
— Дзеду, дзеду, што табе трэба?
— Ды вось, каточак, мой галубочак, паслала мяне баба ссекчы дубок, завезці на рынак, прадаць і купіць гарчык мукі на хлеб.
— Едзь, дзед, дахаты, будзе ў вас мука!
Прыехаў дзед дахаты, ажно ў яго мукі поўныя засекі.
Спякла баба хлеб, сама наелася, дзеда накарміла ды кажа яму:
— Не шкодзіла б цяпер і заціркі наварыць.
Ды солі няма. Вазьмі, дзеду, тапарок, паедзь у лясок, стукні ў дубок, ці не выскачыць каток — залаты лабок: папрасі ў яго солі.
Узяў дзед тапарок, паехаў у лясок, стук у дубок!.. Выскачыў каток — залаты лабок, залатое вушка, срэбранае вушка, залатая шарсцінка, срэбраная шарсцінка, залатая лапка, срэбраная лапка.
— Дзеду, дзеду, што табе трэба?
— Ды вось, каточак, мой галубочак: хлеб ёсць — солі няма!
— Едзь, дзед, дахаты, будзе соль!
Прыехаў дзед дахаты, ажно ў яго солі цэлая дзежка стаіць.
Наварыла баба заціркі, сама наелася, дзеда накарміла ды кажа яму:
— Не шкодзіла б цяпер і капусты паспытаць. Вастры, дзеду, тапарок, едзь у лясок, стукні ў дубок, ці не выскачыць каток — залаты лабок: папрасі ў яго капусты.
Навастрыў дзед тапарок, паехаў у лясок, стук у дубок!.. Выскачыў каток — залаты лабок, залатое вушка, срэбранае вушка, залатая шарсцінка, срэбраная шарсцінка, залатая лапка, срэбраная лапка.
— Дзеду, дзеду, што табе трэба?
— Ды вось, каточак, мой галубочак: хлеб ёсць, соль ёсць — капусты няма!
— Едзь, дзед, дахаты, будзе капуста!
Прыехаў дзед дахаты, а ў яго капусты поўная кадушка!
— Ай, як добра! Вось каб цяпер яшчэ сальца... Мы б з табою капусты наварылі, сальцам закрасілі б. Не палянуйся, дзеду: вазьмі тапарок, паедзь у лясок, стукні ў дубок, ці не выскачыць каток — залаты лабок: папрасі ў яго сальца.
Узяў дзед тапарок, паехаў у лясок, стук у дубок!.. Выскачыў каток — залаты лабок, залатое вушка, срэбранае вушка, залатая шарсцінка, срэбраная шарсцінка, залатая лапка, срэбраная лапка.
— Дзеду, дзеду, што табе трэба?
— Ды вось, каточак, мой галубочак: просіць баба яшчэ сальца да капусты.
— Добра, дзед, едзь дахаты, будзе сала.
Прыязджае дзед дахаты, а ў яго сала цэлы кубелец!
Рады дзед, рада баба. Сталі яны жыць ды пажываць, дзецям казкі казаць.
I цяпер жывуць, хлеб жуюць, капустаю з салам закусваюць.
Вось вам казка, а мне абаранкаў вязка.
Читать полностью: http://www.vyaselka.ru/katok-zalaty-labok
Верабей i мыш
Жылі па суседству верабей і мыш: верабей пад страхою, а мыш у норцы пад падрубаю. Жывіліся тым, што ад гаспадароў перападала. Улетку яшчэ сяк-так — можна на полі ці ў агародзе што-небудзь перахапіць. А зімою хоць плач: на вераб'я гаспадар сіло ставіць, а на мыш — пастку.
Надакучыла ім так жыць, задумалі яны збажыну сеяць.
— Ну, што будзем сеяць? — пытаецца верабей.
— А тое, то людзі сеюць, — адказвае мыш.
Назбіралі насення ды пасеялі пшаніцу.
— Што тваё будзе, — пытаецца мыш у вераб'я, — карэнне ці вяршкі?
— Сам не ведаю.
— Бяры карэнне, — параіла мыш.
— Добра, няхай будзе карэнне.
Прыйшло лета. Паспела пшаніца. Мыш зжала каласы, а вераб'ю пакінула салому. Перанесла мыш каласы ў сваю нару, змалаціла, змалола, напякла пірагоў ды есць сабе зімою. Добра жыве, бяды не мае.
А верабей пакаштаваў салому — нясмачная!
Давялося яму на сметніку галоднаму зімаваць.
Прыйшла вясна. Мыш вылезла з нары, убачыла вераб'я і пытаецца:
— Ну, як, суседзе, зімавалася?
— Дрэнна, — кажа верабей, — ледзьве выжыў: нясмачная наша пшаніца ўдалася.
— То давай будзем сёлета моркву садзіць: яна салодкая. Усе зайцы яе любяць.
— Давай, калі не хлусіш! — падскочыў верабей ад радасці.
Ускапалі свежае поле і пасеялі моркву.
— Што тваё будзе, — пытаецца мыш у вераб'я, — карэнне ці вяршкі?
— Вяршкі! — кажа верабей. — Баюся браць карэнне: я ўжо на пшаніцы апёкся.
— Добра, бяры вяршкі.
Вырасла морква. Верабей узяў вяршкі, а мыш карэнне. Занесла яна свае карэнне ў нару і есць сабе патроху.
А верабей пакаштаваў вяршкі, аж яны не лепшыя за пшанічнае карэнне... Надзьмуўся верабей, ледзь не плача.
Ляціць варона. Убачыла вераб'я.
— Чаго ты, верабей, надзьмуўся? — пытаецца.
Расказаў ёй верабей, як яны з мышшу сеялі пшаніцу і моркву.
Выслухала яго варона і зарагатала на ўсё горла:
— Дурны ты, верабей! Мыш цябе падманула... У пшаніцы смачныя вяршкі, а ў морквы — карэнне.
Узлаваўся верабей, прыскакаў да мышы.
— Ах, нягодніца, ах, ашуканка! Я з табою біцца буду.
— Ну, што ж, — кажа мыш, — давай біцца!
Запрасіў верабей сабе на дапамогу драздоў і шпакоў, а мыш — кратоў і пацукоў.
Пачалі біцца. Доўга біліся, а ніхто нікога не пабіў. Прыйшлося вераб'ю адступіць са сваім войскам на сметнік.
Убачыла гэта варона:
— Га, га, верабей, слабых ты сяброў сабраў. Калі б ты паклікаў марскога сокала, той адразу б усіх — і мышэй, і кратоў, і пацукоў паглытаў.
Паляцеў верабей на мора, паклікаў марскога сокала.
Прыляцеў сокал і ўсё мышынае войска паглытаў. Адна толькі мыш, тая, што вераб'я падманула, засталася: у нару схавалася.
Настаў вечар. Сокал паляцеў на ржышча начаваць. Сеў на камень ды моцна заснуў. А верабей пашчабятаў ад радасці і палез пад страху.
Тым часам хітрая мыш пабегла ў поле да начлежнікаў, ухапіла галавешку і падпаліла ржышча, дзе спаў сокал. Узняўся агонь, зашугаў і асмаліў сокалу крылы.
Прачнуўся сокал, а ў яго крылаў няма. Пабедаваў ён ды падаўся пехатою да мора. Убачыў яго на дарозе паляўнічы, хацеў застрэліць, а сокал і кажа яму:
— Не страляй мяне, добры чалавек. Лепш вазьмі з сабою: як адрастуць у мяне крылы, я табе добра аддзякую.
Узяў паляўнічы сокала. Цэлы год карміў і даглядаў яго. Адраслі ў сокала крылы, ён і кажа паляўнічаму:
— А цяпер бяры мяне на паляванне. Я табе зайцоў і птушак буду лавіць.
З таго часу сокал і служыць памочнікам у паляўнічага.
Читать полностью: http://www.vyaselka.ru/verabei-i-mysh